Звонкая “Крынічка”!
З 15 чэрвеня па 2 ліпеня 2020 года адбылася першая змена дзіцячага аздараўленчага лагера "Крынічка" ў філіяле "Івесь" Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна. Там адпачылі 49 хлопчыкаў і дзяўчынак, у асноўным з райцэнтра і гарадскога пасёлка Падсвілле.
Філіял "Івесь", дзе працуе лагер, знаходзіцца на беразе возера Молена ў адным з самых маляўнічых куткоў беларускага Паазер'я. З дзецьмі працавалі начальнік лагера – Папок Валянціна Валянцінаўна, 6 вопытных выхавальнікаў: Сівіцкая Валянціна Казіміраўна, Пасюк Таццяна Іосіфаўна, Усовіч Аксана Алегаўна, Лапа Вольга Ігараўна, Рамбальскі Ігар Вячаслававіч, Палідавец Святлана Кірылаўна, музычны кіраўнік – Карашкова Таццяна Фёдараўна, інструктар па фізкультурна-аздараўленчай рабоце – Драздовіч Валерый Генадзьевіч, дзве медсястры і ўрач-педыятр.
Лагер абуджаўся ў 8 га¬дзін раніцы. Адразу – зарадка, потым лінейка, прывітанне (назвы атрадам і дэвіз па традыцыі прыдумалі дзеці: "Апельсін" – малодшыя, "Адрэналін" – сярэднія, "БЭМС" (баявыя, энергічныя, маладыя, сімпатычныя) – старэйшыя), паведамлялася праграма на дзень. Сваю назву меў кожны дзень у лагеры. Гэта арганізацыйныя дні "Знаёмства" з традыцыйнай аперацыяй "Дабрабыт", інструктажам па правілах тэхнікі бяспекі, гульнямі на ўмацаванне калектыву і вечарам знаёмстваў, "Выбару" з вызначэннем атрадных лідараў і размеркаваннем даручэнняў, урачысты дзень адкрыцця лагернай змены з самадзейным канцэртам, музычнымі і харэаграфічнымі нумарамі, дэкламацыяй вершаў, дні "Чарадзейных казак", "Рэкордаў", "Турызму і краязнаўства", "Фантазіі і гумару", "Здароўя і спорту", "Талентаў"...
Заўсёды сярод дзяцей папулярныя конкурсы "Містэр лагера" і "Міс лагера", творчая гульня з элементамі навучання фінансавай дасведчанасці "Арбат", ваенна-спартыўная гульня "Зарніца", квэст-гульня "Летняе падарожжа", і, безумоўна, Дзень анёла.
Былі і задушэўныя вечары каля вогнішча, смажаныя сала, хлеб, бульба, купанне ў возеры, лазня.
Дзеці цудоўна адпачылі, набраліся сіл, з карысцю правялі свой вольны час на свежым паветры ў коле сяброў. Ад выхаванцаў мы чулі: "Чакайце наступным летам, мы абавязкова сюды вернемся!".
Валянціна Сівіцкая, педагог-арганізатар